Люблю тебя, мой край родимый |
|
2026 г. |
Форум славянских культур |
|
ФОРУМ СЛАВЯНСКИХ КУЛЬТУР |
|
|
|
Международный конкурс белорусской поэзии и песни«Славянский венок»Ксения ВОЙТОВИЧЛюблю тебя, мой край родимыйОчерк Международный конкурс белорусской поэзии и песни «В родных полях и в небе ясном / всё дышит дружбой, добротой…» (Я. Колас) Люблю тебя, мой край родимый (А.В. Богун) Выполнила: Войтович Ксения Анатольевна, 17 лет, г. Пинск, 2026 Люблю тебя, мой край родимый (А.В. Богун) Очерк Бацькоўская зямля Якую трэба мець адданасць І сэрца сынава, каб так Любіць палескі край туманы І маці бедны андарак. П. Панчанка У кожнага чалавека ёсць мілы сэрцу куток, які з часам часу становіцца яшчэ даражэйшым. Куток гэты – тая хата, дзе мы вучыліся хадзіць і дзе адчулі цеплыню матчыных рук, матчынага сэрца – куток нашага маленства. Для Івана Паўлавіча Мележа, народнага пісьменіка Беларусі, такім дарагім месцам было Палессе. Сто пяць гадоў таму нарадзіўся будучы пісьменнік у маленечкай вёсачцы Глінішча Хойніцкага раёна гомельскага Палесся, пасярод бязмежных лясоў, непраходных балот, у трыццаці кіламетрах ад бліжэйшай станцыі. Ён рос у драўлянай хаце з саламянай страхой, сярод простых мужыкоў і жанчын, якія не ведалі адпачынку з-за неабходнасці забяспечыць сябе і дзяцей кавалкам хлеба. Напэўна, калі б не было ўсяго гэтага, не атрымаўся б з хлопца той самы Мележ, якога сёння любяць і ведаюць у Беларусі і далёка за яе межамі. Толькі ён мог так ярка і самабытна паказаць прыроду Палесся, яго працавітых і адкрытых людзей. Менавіта родная зямля і родныя людзі натхнялі на творчасць, а палескія песні і мова на ўсё жыццё запалі ва ўражлівую душу пісьменніка. Палессе засталося ў успамінах пісьменніка казачным краем, з бязмежнымі лясамі, балотамі, дрыгвой, надзвычай смачнымі антонаўскімі яблыкамі, ягадамі, грыбамі, добрымі і працавітымі людзьмі, цудоўнымі песнямі. Мележ піша «Палескую хроніку», кожная яе старонка – хвалюючы роздум пісьменніка аб часе, жыцці, каханні. Іван Паўлавіч Мележ здолеў глыбока пранікнуць у сэрца беларускага народа, паказаць яго маральную прыгажосць. Ён умеў бачыць прыгожае ў звычайным, штодзённым. Усе героі «Палескай хронікі» - гэта ў той ці іншай меры сам Мележ з яго багатым унутраным светам. Да мяне ж сапраўднае адкрыццё Мележа-пісьменніка прыйшло толькі пасля прачытання «Палескай хронікі». «Людзі на балоце» перавярнулі душу… Гартаеш кнігу і перад вачыма быццам жывыя паўстаюць героі: Васіль Дзятлік з натапыранай патыліцай, у нехлямяжай світцы, з нейкім сарамлівым голасам і апушчанай, змучанай думкамі-развагамі пра гаротны лёс чалавека галавой… Стары Корч перад абразамі… Міканор, усхваляваны, рашучы… Ганна ў гародчыку цярэбіць буракі… А вось яны, Ганна і Васіль, на вазах. Строіць насмешкі прыгажуня Ганна над сваёй маладосцю, над сваім незразумелым ёй самой яшчэ каханнем… Не перабольшу, калі скажу, што ў асобе Ганны для мяне і маіх равесніц злілося ўсё самае зямное і самае святое – родная зямля, сумленне, слабасці і мроі-жаданні. Успаміны пра мележаўскіх герояў чамусьці пераплятаюцца ў мяне з успамінамі маленства пра высокае-высокае няхмарнае неба над хатамі, пра вёску маёй прабабулі-паляшучкі. Стужка памяці вядзе мяне па вузкай сцяжыне ад чыгункі да вёскі, прымушае лезці некуды наверх, чэрпаць сандалікамі шурпаты пясок. Усё бліжэй да вясковых градаў, да жыта, якое заўсёды сеяў мой прадзед. Праз жыта бяжыць сцежачка, і сонца недзе там, нада мною, у недасяжнай вышыні. Усё так звонка, празрыста і цёпла… Мроі наплываюць адна на адну… Вось мы з Ганнай удваіх, яна і я, ідзем праз жыта майго прадзеда, потым праз двор на вясковую вуліцу. Каля хаты расце незвычайнае дрэўца, высокае, з тонкімі галінкамі і салодкімі ягадкамі. Мы стаім з Ганнай Чарнушкай каля варот. Дзедавы вароты да бляску абгабляваны дужымі рукамі і палескімі вятрамі. Журботна рыпіць калодзежны журавель, пахне лісцем, вясковай вуліцай і жыццём, жыццём… Прайшоў час. Мой прадед з палескай вёскі ўжо даўно памёр. Жыта за адрынаю з таго часу не сеецца. Вёска майго дзяцінства стала іншай, нейкай незнаёмай… Але я ўпэўнена, што міне не адно дзесяцігоддзе, а людзі будуць помніць і любіць Ганну і Васіля, палескую вёску, само Палессе – зямлю з яе каларытам, з народнымі павер’ямі, сакавітай мовай. А «Палеская хроніка» Івана Паўлавіча Мележа заўсёды будзе ўспрымацца як велічная і праўдзівая эпапея пра родную бацькоўскую зямлю, як кніга любві да Радзімы, да роднай зямлі, як неаплатны доўг, абавязак перад зямлёй бацькоў, як найвялікшае творчае шчасце.
|
|
СЛАВЯНСТВО |
Славянство - форум славянских культурГл. редактор Лидия Сычева Редактор Вячеслав Румянцев |